Сутковский доктор

Section: 

История соседних земель всегда тесно переплетается: смещаются границы, переезжают люди, происходят события общие для всех. Поэтому данная публикация расширяет границы, изначально предложенные для раздела, и посвящается человеку, чья судьба тесно переплетена с соседней Лоевщиной.

Евгений Владимирович Клумов - хирург, врач по призванию, в начале ХХ века служил земским доктором в Речицком уезде, куда в то время входили и Лоев, и Брагин.

Ён нарадзіўся ў снежні 1876 года ў сям’і маскоўскага адваката. Быў трэцім з сямі дзяцей. Усе Клумавы скончылі гімназію. Дзяўчаты — знакамітую прыватную жаночую гімназію Фішэр, дзе авалодалі нямецкай, французскай, лацінскай і грэчаскай мовамі, сыны Канстанцін, Яўген і Уладзімір — універсітэт.

Ужо ў гімназіі Яўген Клумаў дасканала авалодаў лацінскай і грэчаскай мовамі, ведаў на памяць “Іліяду” Гамера. Цікавасць да вывучэння моў у Клумава захавалася на ўсё жыццё. У свабодныя хвіліны ён удасканальваў веды ў нямецкай, французскай, а пазней і ў беларускай мовах.

Ад бацькоў Яўген пераняў захапленне музыкай і спевамі. Але не літаратура і не музыка былі сапраўдным прызваннем юнака. Пасля заканчэння 1-й Маскоўскай класічнай гімназіі ён паступіў на медыцынскі факультэт Маскоўскага ўніверсітэта. Вучыўся паспяхова, але вымушаны быў перарваць вучобу — высылаўся з Масквы за ўдзел у студэнцкіх беспарадках.

У 1901 годзе Клумаў назаўсёды звязаў сваё жыццё з Галінай Мікалаеўнай Андрэевай, дачкой ганаровага міравога суддзі Масквы, пляменніцай пісьменніка Уладзіміра Караленкі. Галіне ў той час было дзевятнаццаць, Яўгену — дваццаць пяць. Вернасць адзін аднаму яны захавалі на ўсё жыццё.

Хірургічнае аддзяленне маскоўскай НоваЕльніцкай бальніцы стала першым месцам яго працы. Калі пачалася руска-японская вайна, малады ўрач быў прызваны ў армію і накіраваны на Далёкі Усход. Служыў малодшым ардынатарам у дывізійным лазарэце, затым быў камандзіраваны ў крэпасць Уладзівасток. У франтавых умовах Клумаў суткамі прастойваў за аперацыйным сталом, выратоўваў параненых.

У красавіку 1906 года Клумава перавялі ў запас, і ён вярнуўся ў Маскву. Але жыццёвая пуцявіна зрабіла рэзкі паварот пастановай Мінскай губернскай управы — Яўген Уладзіміравіч быў прызначаны ўрачом Суткоўскага земскага ўчастка Рэчыцкага павета, з 1 лютага 1907 года ён пачаў выконваць абавязкі земскага ўрача.

Ёсць меркаванні, што Клумава запрасіла ўладальніца Суткоўскай сядзібы Кацярына Бараноўская, старэйшая сястра маскоўскіх кнігавыдаўцоў Міхаіла і Сяргея Сабашнікавых, яго сяброў дзяцінства. Але, верагодна, вырашальным у гэтым выбары стала імкненне дапамагаць простым людзям, якія ў тыя часы часта былі пазбаўлены элементарнай медыцынскай дапамогі.

Працаваць у Суткове давялося ў вельмі складаных умовах. Участак абслугоўваў каля 30 тысяч жыхароў Холмецкай, Лоеўскай і Ручаёўскай валасцей Рэчыцкага павета. Бальніца на 10 ложкаў змяшчалася ў маленькім памяшканні, непрыстасаваным для лячэння хворых, не гаворачы ўжо пра аперацыі. Але Клумаў, які меў талент хірурга, лячыў і хваробы сэрца, і сухоты, вырываў зубы і прымаў роды.

Вядома, што ў 1910 годзе Клумаў зрабіў 65 аперацый, у 1911-м — 142, у 1912-м — 145. Але рашаўся на складаныя аперацыі толькі тады, калі не было іншых сродкаў выратаваць чалавечае жыццё. Па звестках яго пляменніка Мазалеўскага, таленавіты хірург прааперыраваў у 1913 годзе студэнта з раненнем жалудачка сэрца: юнак хацеў пакончыць самагубствам з-за рэўнасці. Студэнт застаўся жыць. Падчас гэтай аперацыі Клумаў трымаў у руках пульсуючае сэрца студэнта. Народны пісьменнік Беларусі Іван Шамякін, бываючы на Лоеўшчыне, неаднаразова чуў ад мясцовых жыхароў аповяды пра жыццё і подзвіг доктара. Верагодна, самаадданая праца Клумава і яго жыццё паслужылі асновай для напісання вобраза доктара Савіча ў рамане “Сэрца на далоні”.

У 1910 годзе на тэрыторыі Расійскай імперыі ўспыхнула эпідэмія халеры, на барацьбу з якой кінулі ўсе сілы, былі створаны спецыяльныя санітарныя атрады. У журнале Рэчыцкай павятовай управы па справах земскай гаспадаркі ад 18 снежня 1910 года пазначана, што Яўген Клумаў “энергично действовал в борьбе с холерой на своем участке, благодаря чему при многих холерных заболеваниях не дал холере разрастись на участке до массовой эпидемии”. Урач і земскі фельчар Суткоўскага ўчастка Міхаіл Шанько, які актыўна дапамагаў Клумаву ў барацьбе з эпідэміяй, былі прадстаўлены да ўзнагароды ордэнам Святога Станіслава III ступені.

Колькасць хворых, якія імкнуліся лячыцца ў Клумава, пастаянна расла. У справаздачы аб стане ўрачэбнай дапамогі насельніцтву па Суткоўскім участку за 1911 год, складзенай доктарам, пазначана, што за год зарэгістравана 26 384 звароты, 207 чалавек праходзілі лячэнне ў стацыянары Суткоўскай земскай бальніцы (з іх 8 памерлі), амбулаторнае лячэнне было аказана 26 177. З раніцы да ночы каля бальніцы стаялі чэргі хворых, каб патрапіць на прыём да доктара. Ён і сам адклікаўся на кожны выклік, за 8 гадоў працы на Лоеўшчыне абхадзіў пешшу і аб’ездзіў на кані ўсе навакольныя вёскі.

1 жніўня 1913 года Клумаў прызначаны земскім урачом Лоеўскага ўчастка Рэчыцкага павета. Участак меў магчымасць абслугоўваць большую колькасць пацыентаў, чым Суткоўскі, у бальніцы мелася хірургічнае, гінекалагічнае, інфекцыйнае, тэрапеўтычнае аддзяленні і лабараторыі. Але новы паварот лёсу… Вайна, на гэты раз Першая сусветная, зноў паклікала Клумава да армейскага аперацыйнага стала. За выдатную службу ў шпіталі Чырвонага Крыжа ў Мінску доктар быў узнагароджаны ордэнам Святой Ганны III ступені. А ў пачатку 1916 года быў узведзены ў чын тытулярнага саветніка.

На фронце Яўген Уладзіміравіч сустрэў Лютаўскую, затым Кастрычніцкую рэвалюцыі. Нягледзячы на пастанову Савета народных камісараў, па якой загадчыкі хірургічных аддзяленняў бальніц вызваляліся ад мабілізацыі, Клумаў зноў прызваны ў армію і служыў старшым хірургам у палявых шпіталях пад Смаленскам, Талачыном, Барысавам. Пасля запыту Мінскай губернскай бальніцы ў Ваенна-рэвалюцыйны камітэт і Камісарыят аховы здароўя Клумаў, адзіны хірург-гінеколаг у штаце бальніцы, вяртаецца ў Мінск.

У 1920 годзе ён узначаліў хірургічнае аддзяленне 1-й Савецкай бальніцы сталіцы, дзе прайшоў шлях ад хірурга да прафесара медыцыны. Быў актыўным членам камісіі па адкрыцці першай вышэйшай навучальнай установы ў рэспубліцы — Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

У пачатку Вялікай Айчыннай вайны Клумавы не змаглі эвакуіравацца ў тыл і вымушаны былі застацца ў Мінску. 64-гадовы Яўген Уладзіміравіч становіцца актыўным удзельнікам Мінскага антыфашысцкага падполля пад псеўданімам Самарын. Працуючы ўрачом 1-й клінічнай бальніцы, актыўна садзейнічаў народным мсціўцам, з яго дапамогай у партызанскія атрады былі перапраўлены сотні чалавек. Урач лячыў параненых партызан, хаваў мясцовых жыхароў, перадаваў медыкаменты.

На працягу двух гадоў дзейнічалі медыкіпадпольшчыкі пад кіраўніцтвам “таварыша Самарына”. Аднак восенню 1943 года Клумаў і яго жонка былі схоплены гестапаўцамі. Гітлераўцы прапанавалі працаваць на іх, але зламаць моцнага духам доктара не змаглі. Яўген Уладзіміравіч і ў турме заставаўся верным свайму абавязку: аказваў медыцынскую дапамогу вязням, лячыў хворых на тыф.

У лютым 1944 года Яўген Уладзіміравіч і Галіна Мікалаеўна Клумавы загінулі ў аўтамабілі-душагубцы па дарозе ў лагер Малы Трасцянец.

Ужо пасля вайны, у 1965 годзе, Яўгену Уладзіміравічу Клумаву было пасмяротна прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. У Мінску яго імем названа 3-я клінічная бальніца, а таксама вуліца, на якой ён жыў, і завулак, што знаходзяцца ў Партызанскім раёне. Сучасныя паслядоўнікі выдатнага хірурга і патрыёта кожны год у дзень нараджэння Клумава прыносяць клятву на вернасць абранай прафесіі і Радзіме — клятву клумаўцаў.

Бадай нідзе і ніколі Яўген Уладзіміравіч не адчуваў сябе такім патрэбным людзям, як на Лоеўшчыне. Асабліва вялікае задавальненне прыносілі шчырыя гутаркі з “дзядамі”, як ён называў старых сялян краю. Часта ён узрушана казаў: “Ну як можна не любіць беларусаў? Як можна быць абыякавым да іх пасталоў, кажухоў з латкамі, да іх гаротнага лёсу? Высакародныя, сумленныя людзі, шчырыя працаўнікі… Яны маюць права на лепшае жыццё, і мы павінны дапамагчы ім у гэтым”. Яўген Уладзіміравіч дапамагаў чым мог.

Ён быў у захапленні ад нашых дняпроўскіх краявідаў. Паходы ў лес і збіранне грыбоў лічыў найлепшым адпачынкам.

Будынак шпіталя і кватэра, дзе жыў і працаваў доктар, пабудаваныя ў 700 метрах ад сядзібы Бараноўскіх, на жаль, не захаваліся. Але па ініцыятыве жыхароў вёсак Пярэдзелка і Суткова плануецца ўсталяваць на будынку Пярэдзелкаўскай амбулаторыі медыцынскай практыкі памятную дошку ў гонар прафесара.

Матэрыял падрыхтаваны актывистамі  сямейнага клуба “Нашчадкі Лоя”

Выкарыстана фота з  сайта  "СБ: Беларусь сёння"