Фестываль сямейных клубаў “Мікулянскія забавы” адбыўся 27 мая ў в. Мікулічы, што на Брагіншчыне, і сабраў гасцей з усяго раёна, а таксама з Лоева і Мінска.
Гасцінныя гаспадары – сямейны клуб “Мікуляначка” – сустрэлі ўсіх музыкай і спевамі, расказалі пра гісторыю вёскі і яе жыхароў, прэзентавалі старыя фотаздымкі, якія былі прадстаўлены на выставе “Нашчадкі Мікулы”.
Падчас адкрыцця фестываля прывітальнае слова гасцям сказалі прадстаўнік раёна дырэктар Брагінскага ТЦСАН Сяргей Пархамец і дырэктар грамадскай арганізацыя “Беларускі зялёны крыж” Уладзімір Шаўцоў.
Пасля ўрачыстай часткі ў доме культуры свята перамясцілася ў парк, дзе за накрытымі да конкурсу хлеба і кваса сталамі гасцей ўжо чакалі восем сямейных клубаў, а таксама пачастункі і забавы.
Праграма Фестываля была складзена такім чынам, каб можна было весела адпачыць усёй сям’ёй, таму клубы, дамы культуры і іншыя ўстановы раёна, а таксама рамеснікі падрыхтавалі для дзяцей і іх бацькоў мноства цікавых заняткаў. На адной з рамесных пляцовак, што размясціліся каля млына, усе жадаючыя маглі прыняць удзел у стварэнні “Мікулава двара”. Пад кіраўніцтвам Дзіны Панятоўскай з фанерных дэталяў і фарбаў з-пад рук гасцей з’явіліся Мікула, яго конь, курачка, гусі, індыкі і котка. Увесь гэты двор, створаны рукамі жыхароў раёна, застанецца ў Мікулічах для будучых мерапрыемстваў у школе і доме культуры. Рамеснік з Мінска Міхаіл Шапяленка прапанаваў цалкам новы занятак – пляценне узораў на сетцы, у якасці якой быў выкарыстаны школьны плот. Дзякуючы намаганням умельцаў плот мікуліцкай школы быў расквечаны беларускім традыцыйным арнаментам.
На самім млыне можна было знайсці першыя ўзоры мясцовых сувеніраў – прыхваткі і мяшочкі, упрыгожаныя выявай млына, паштоўкі з малюкам Мікулы, а таксама заплечнікі, якія былі ўручаны пераможцам дзіцячых гульняў.
Для падлеткаў была падрыхтавана гульня-падарожжа “Мікулаў-квэст”. Камандам трэба было не толькі зарыентавацца на мясцовасці, але і знайсці персанажаў гульні, выканаць іх заданні, зарабіць балы і шчасліва вярнуцца на базу. Мікула, яго жонка і дочкі, а таксама гісторык, археолаг і мясцовы жыхар Архіп праверылі наколькі хлопцы і дзяўчаты трапныя, спрытныя, умелыя, ці добра ведаюць традыцыйнае куханнае начынне і мясцовыя стравы, ці ўмеюць расшыфраваць закадзіраваныя тэксты, ці могуць быць археолагамі-даследчыкамі. Пад канец вандроўкі кожная з васьмі каманд Брагінскага і Лоеўскага раёнаў знайшла свой невялікі скарб, але галоўныя ўзнагароды былі наперадзе. Пераможцы гульні – каманды “Эдельвейс” з Лоева, “Зорачкі” з Буркоў і “Кентаўрыкі” з Брагіна атрымалі зручныя заплечнікі для падарожжаў, астатнія – кубкі і салодкі падарунак.
Заўзятых спартсменаў запрасілі паўдзельнічаць у спаборніцтвах “Асілкавы забавы”. Дзеці з захапленнем махалі “булавамі”, кідалі “дзіды”, скакалі на “конях”, вырашалі, хто найбольш моцны, спрытны і трывалы. Пераможцаў вызначыць было складана, таму ўсе атрымалі памятныя падарункі.
Пакуль школьнікі гулялі, сямейныя клубы спрабавалі высветліць, чый хлеб і квас лепшы. Згодна традыцый гасціннасці клубы не маглі абмежавацца толькі дзвюмя стравамі, таму сталы ламіліся ад белага і шэрага хлеба, салодкіх пірагоў, начынак і іншых хатніх страў, свежай зеляніны, гародніны і ягад. Пра свой хлеб і напой кожны клуб падрыхтаваў аповед, песню, некаторыя нават прапанавалі рэцэпты. Выбраць лепшую здобу і напой было няпроста, таму аўтарытэтнае журы, у склад якога ўвайшлі дырэктар ГА БЗК Уладзімір Шаўцоў, дырэктар Брагінскага ТЦСАН Сяргей Пархамец, асістэнт праекта “Развіццё патэнцыяла сеткі сямейных клубаў у Чарнобыльскай зоне з мэтай паляпшэння сацыяльна-эканамічнай сітуацыі” (фінансуецца Еўраейскім саюзам), у рамках якога праводзіўся Фестываль, Алена Папова, галоўны рэдактар і карэспандэнт газеты “Маяк Палесся” Галіна Шаўчэнка і Ніна Сінілава, а таксама дырэктар Мікуліцкай сярэдняй школы Іна Міхаленка, прыняла рашэнне падтрымаць усіх. Па меркаванні журы найбольш глыбока прапрацавалі тэму прадстаўнікі клуба “Натхненне” (г. Брагін), найбольш арыгінальна падышлі да конкурсу прадстаўнікі клуба “Нашчадкі Лоя” (г. Лоеў), непаўторны каравай спяклі ў в. Іолча сябры клуба “Адраджэнне”, а самае творчае прадстаўленне было ў клуба “Сад мары” (в. Тэльман), за экалагічны падыход адзначылі клуб “Наш хутарок” (в. Сялец), за творчую падачу – клуб “Матулін рушнік” (в. Буркі), за захаванне традыцый – клубы “Крынічка” (г.п. Камарын) і “Мікуляначка” (в. Мікулічы).
Пасля конкурсу ўсе разышліся па палянах – дарослых запрасілі ў новую альтанку, якая з’явілася дзякуючы намаганням маладога мікуліцкага майстра Віталія Дашука, а малыя пабеглі зарабляць “мікулікі”. На спецыяльных палянках дзеці адгадвалі загадкі, ляпілі фігуркі з цеста, скакалі ў прыгалкі, адгадвалі жывёл і казачных персанажаў, малявалі крэйдай на асфальце, гулялі ў шахматы і шашкі, каб атрымаць жаданыя карткі і памяняць іх на маленькія сувеніры ў “Лаўцы-Маляўцы”. Тыя, хто прагаладаўся, маглі падсілкавацца ў альтанцы шчавелевым баршчом і бабкай, якую толькі згатавалі ў печы.
Бліжэй да абеду ўсе сабраліся ля адкрытай сцэны, дзе сваім талентам радавалі гледачоў калектывы з Буркоў, Камарына, салісты з Брагіна і Лоева. Пасля ўзнагароджвання і ўручэння падарункаў, канцэрт працягнуўся – для гасцей Фестываля на электрабаяне граў выкладчык Універсітэта культуры Васіль Глубачэнка.
Мікуляне і госці фэста яшчэ доўгі час не разыходзіліся з парка, абмяркоўвалі падзеі дня, абменьваліся ўражаннямі пра цікавыя гульні і незвычайныя майстар-класы. Адзначалі таксама, як ўдала было выбрана месца – усе святы звычайна праводзяць у цэнтры раёна г. Брагіне, а вёскі часцяком мінаюць такія падзеі, куды можна пайсці ўсёй сямьёй і для кожнага знойдзецца нешта цікавае.
Фестываль сямейных клубаў ужо становіцца добрай традыцыяй, а вопыт свята ў Мікулічах, напэўна, будзе выкарыстаны ў наступным годзе, калі Фестываль зноў збярэ сяброў, але ўжо ў іншай вёсцы. Да сустрэчы праз год!
Пра Фестываль у газеце "Маяк Палесся"
Дадзеная публікацыя была падрыхтавана пры падтрымцы Еўрапейскага саюза. Адказнасць за змест данай публікацыі нясе грамадская арганізацыя "Беларускі зялёны крыж", і яна ні ў якай меры не адлюстроўвае пункт гледжання Еўрапейскага саюза.